Стабільнасць вынікаў — у няспынным развіцці

Новости

Віцебскі дзяржаўны тэхнічны каледж прызнаны пераможцам рэспубліканскага конкурсу “На лепшае дасягненне ў будаўнічай галіне Рэспублікі Беларусь за 2019 год”. 

Штогод Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва, Саюз будаўнікоў і Рэспубліканскі камітэт Беларускага прафсаюза работнікаў будаўніцтва і прамысловасці будаўнічых матэрыялаў вызначаюць пераможцаў спаборніцтва сярод галіновых арганізацый незалежна ад формы ўласнасці і ўстаноў адукацыі, што займаюцца падрыхтоўкай будаўнічых кадраў. Традыцыйна прафесійны конкурс (адзіны, які падтрымлівае непасрэдна Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва) праводзіцца ў васьмі намінацыях у мэтах далейшага развіцця галіны, распаўсюдж­вання і ўкаранення перадавога вопыту, стымулявання ўсіх суб’ектаў будаўнічага комплексу да павышэння эфектыўнасці працы, якасці, канкурэнтаздольнасці прадукцыі і паслуг, а таксама прасоўвання інавацыйных прадуктаў і тэхналогій на ўнутраны рынак, пашырэння экспарту, стымулявання інвестыцыйнай актыўнасці арганізацый і прадпрыемстваў, зніжэння энергазатрат у будаўніцтве, заахвочвання сацыяльна арыентаванага бізнесу, інфармавання грамадскасці аб лепшых рэалізаваных будаўнічых праектах і аб’ектах.

Дыпломамі пераможцаў конкурсу і памятнымі знакамі ўзнагароджаны філіял БНТУ “Міжгаліновы інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў па менеджменце і развіцці персаналу БНТУ” і Віцебскі дзяржаўны тэхнічны каледж — у намінацыі “Арганізацыя года”, дырэктар Слуцкага дзяржаўнага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя Сяргей Шыловіч — у намінацыі “Кіраўнік года”; лаўрэатамі конкурсу сталі Чэрвеньскі прафесійны будаўнічы ліцэй, Архітэктурна-будаўнічы каледж у складзе Беларуска-Расійскага ўніверсітэта, Барысаўскі дзяржаўны будаўнічы прафесійны ліцэй і Салігорскі дзяржаўны каледж — у намінацыі “Арганізацыя года”, дырэктар Дзяржаўнага прафесійнага ліцэя № 9 Магілёва імя А.П.Старавойтава Міхаіл Сасонка — у намінацыі “Кіраўнік года”, Рагачоўскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж будаўнікоў — у намінацыі “Энерга­зберажэнне”.

— Для нас ганарова і прыемна ўвайсці ў лік пераможцаў самага прэстыжнага ў краіне прафесійнага спаборніцтва ў галіне будаўніцтва, — падзяліўся ўражаннямі дырэктар Віцебскага дзяржаўнага тэхнічнага каледжа Аляксандр Ласякін . — Варта прызнаць, што мы да гэтага дасягнення імкнуліся не адзін год. Падрыхтоўка па будаўнічых спецыяльнасцях у каледжы ажыццяўляецца на працягу апошніх больш чым 30 гадоў, але на пэўным этапе востра паўстала неабходнасць удасканальвання, найперш — прывядзення ў адпаведнасць з сучаснымі крытэрыямі матэрыяльна-тэхнічнай і вучэбна-метадычнай базы. На працягу 5 гадоў пры падтрымцы галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь гэтыя пытанні крок за крокам паспяхова вырашаем. Напрыклад, калі гаварыць аб падрыхтоўцы ў плане вывучэння геадэзіі, напачатку мы мелі ў наяўнасці звычайныя нівеліры, тэадаліты і толькі на практыках маглі пазнаёміць навучэнцаў з тахеометрамі: прыборы вельмі патрэбныя, аднак дарагія, нават у праектных арганізацыях такіх, як правіла, адзін-два. Сёння яны ёсць і ў каледжы, актыўна выкарыстоўваюцца ў адукацыйным працэсе. Дарэчы, па кампетэнцыі “Геадэзія” з 2017 года нашы хлопцы займаюць прызавыя месцы на рэспубліканскім конкурсе прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus сярод навучэнцаў сярэдняй спецыяльнай і студэнтаў вышэйшай адукацыі.

Перамогі ў конкурсах прафесійнага майстэрства па розных кампетэнцыях на абласным, рэспубліканскім і міжнародным узроўнях — яркая візітная картка каледжа. У рамках руху WorldSkills яго прадстаўнікі толькі за апошнія тры гады заваявалі звыш 20 узнагарод рознай вартасці, уключаючы залатыя, сярэбраныя, бронзавыя медалі WorldSkills Belarus і “серабро” адкрытага Еўразійскага чэмпіянату ў рамках фіналу V Нацыянальнага чэмпіянату “Маладыя прафесіяналы WorldSkills Russia” ў Краснадары. Навучэнцы каледжа дастойна выступілі ў складзе беларускіх каманд на сусветных чэмпіянатах WorldSkills у Абу-Дабі і Казані. Міжнародная прэмія імя архітэктара-наватара Лазара Хідэкеля, якая ў мінулым годзе ўпершыню была ўручана ў Беларусі, — на рахунку навучэнкі ВДТК. Штогод скарбонку ўстановы адукацыі папаўняюць узнагародамі пераможцы конкурсу дыпломных праектаў выпускнікоў вышэйшых і сярэдніх спецыяльных архітэктурных школ Рэспублікі Беларусь у рамках фестывалю “Архітэктурная Восень”. Навучэнцы і педагагічныя работнікі каледжа актыўна і вынікова ўдзель­нічаюць у рэспубліканскіх конкурсах і аглядах тэхнічнай, інавацыйнай і сучаснай лічбавай творчасці, злётах вынаходнікаў і рацыяналізатараў, інфармацыйна-прафарыентацыйных праектах, конкурсах інфармацыйна-метадычных распрацовак. За высокія дасягненні ў прафесійнай падрыхтоўцы ў 2019 го­дзе двое навучэнцаў каледжа (за апошнія 2,5 года — шасцёра) удастоены заахвочванняў спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.

— Ключавыя складнікі, якія абумоўліваюць поспех калектыву, — моцная, амбіцыйная, зладжаная каманда педагогаў, належнае інфармацыйна-метадычнае забеспячэнне адукацыйнага працэсу і сучасная матэрыяльна-тэхнічная база, — адзначыў Аляксандр Міхайлавіч. — Мы правялі велізарную работу па падборы высока­прафесійных кадраў з вопытам работы ў будаўнічых арганізацыях. Ва ўзросце да 40 гадоў — 56 працэнтаў педагагічнага складу. У 2019 годзе 11 педагогаў павысілі сваю кваліфікацыйную катэгорыю, 12  праходзяць перападрыхтоўку ва УВА для атрымання прафесійна-педагагічнай адукацыі, 4 атрымалі дыпломы аб перападрыхтоўцы, 54 прайшлі курсы павышэння кваліфікацыі і стажыроўку; 6 кіруючых работнікаў і спецыялістаў каледжа вучацца і 4 завяршылі навучанне ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Нашы выкладчыкі, майстры вытворчага навучання — творчыя і адданыя сваёй справе прафесіяналы, наватары і вынаходнікі, спецыялісты з вышэйшай адукацыяй і блізкімі моладзі поглядамі, а гэта важны фактар матывацыі навучэнцаў, фарміравання гарманічна развітой асобы з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, кампетэнцый кваліфікаванага спецыяліста і рабочага заўтрашняга дня. Інфармацыйна-выдавецкі цэнтр каледжа забяспечвае ўсіх навучэнцаў і педагагічных работнікаў неабходнымі метадычнымі дапаможнікамі і літаратурай. За мінулы год нашы педагогі падрыхтавалі і выдалі 169 метадычных дапаможнікаў, вучэбны дапаможнік выкладчыка Андрэя Фралова “Будаўнічыя канструкцыі” прайшоў экспертную ацэнку ў Рэспубліканскім інстытуце прафесійнай адукацыі з прысваеннем адпаведнага грыфа, рэкамендаваны для ўсіх устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі краіны і на сёння выдадзены. Каледж цесна сябруе з “Настаўніцкай газетай”, таму яе пастаянныя чытачы знаёмы з работай адкрытага ў снежні 2019 года на нашай базе рэсурснага цэнтра “Будаўнічыя тэхналогіі” — першага ў вобласці па будаўнічым профілі. 

У ходзе падрыхтоўкі да адкрыцця рэсурснага цэнтра ў двухпавярховым корпусе вучэбна-вытворчых майстэрань 1987 года пабудовы работы па замене падлог, дзвярэй, асвятляльных прыбораў, сантэхнічнага абсталявання і сетак, касметычным рамонце памяшканняў, электрамантажныя работы на агульнай плошчы 2500  квадратных метраў выконваліся сіламі работнікаў і навучэнцаў каледжа. З прыцягненнем падрадных арганізацый ажыццяўляліся замена старых даху і вокнаў, рамонт асфальтавага пакрыцця. Міністэрствам адукацыі праведзена закупка найноўшых сродкаў навучання і вучэбна-вытворчага абсталявання на агульную суму звыш 283 тысяч рублёў, каля 448 тысяч рублёў выдаткавана з абласнога бюджэту, з іх 120 тысяч — на набыццё абсталявання. У цэнтры дзейнічае сем вучэбных майстэрань. Як падкрэсліў дырэктар каледжа, кожны рубель з укла­дзеных сродкаў сёння эфектыўна працуе на развіццё прафесійнай адукацыі Віцебшчыны і краіны.

Віцебскі дзяржаўны тэхнічны каледж — вядучая рэгіянальная ўстанова прафесійнай адукацыі, якая ажыццяўляе падрыхтоўку кваліфікаваных рабочых і спецыялістаў з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй, інтэграванай з прафесійна-тэхнічнай і вышэйшай адукацыяй. Тут набываюць прафесійныя веды, уменні і навыкі больш за 1900 навучэнцаў, з іх звыш 850 — па будаўнічым профілі і 270 — у вячэрняй і завочнай форме атрымання адукацыі. У 2019 годзе на чатырох аддзяленнях дзённай формы навучання (тэхніка-тэхналагічным, архітэктурна-будаўнічым, прамыслова-тэхналагічным, прафесійна-тэхналагічным) ажыццяўлялася падрыхтоўка па 13 спецыяльнасцях і 31 прафесіі розных напрамкаў. Акрамя будаўнічай і станкабудаўнічай галіны, каледж паспяхова рыхтуе кадры для аўта­транспартнай сферы — чаму значна спрыя­юць дзеючыя на базе ўстановы адукацыі станцыя тэхнічнага абслугоўвання аўтамабіляў і аўташкола па падрыхтоўцы вадзіцеляў катэгорыі “В” і “С”. Па выніках работы сістэмы адукацыі краіны за 2019 год калектыў прызнаны пераможцам у намінацыі “За лепшую работу па забеспячэнні якасці падрыхтоўкі кадраў з прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыяй у адпаведнасці з патрэбамі арганізацый галін эканомікі”.

— Пераважная большасць нашых навучэнцаў — юнакі, але сёлета мы адкрываем спецыяльнасць, што традыцыйна больш прываблівае дзяўчат, — “Бухгалтарскі ўлік, аналіз і кантроль”, — расказаў Аляксандр Ласякін. — За апошнія гады навучэнскі кантынгент кардынальна змяніўся: да нас прыходзяць паступаць выпускнікі з высокімі баламі ў атэстатах і пасведчаннях, якія свядома выбралі напрамак будучай прафесійнай дзейнасці і мэтанакіравана аддалі перавагу менавіта нашаму каледжу. Мы імкнёмся арганізаваць для іх не толькі высакаякасны адукацыйны працэс, вытворчыя практыкі на прадпрыемствах па спецыяльнасці з атрыманнем заработнай платы, але і камфортныя, бяспечныя ўмовы для вучобы, пражывання, адпачынку і правядзення вольнага часу, заняткаў любімай справай, развіцця талентаў і здольнасцей. У нас тры выдатныя інтэрнаты; адзін з іх мы зараз ставім на капітальны рамонт і мадэрнізацыю: спадзяюся, праз паўгода будзем мець найлепшы інтэрнат у вобласці. Маючы зайздросную для многіх спартыўную базу, стараемся пастаянна нарошчваць яе магчымасці: зараз рыхтуем праектна-каштарысную дакументацыю на рэканструкцыю і ў наступным годзе плануем пачаць стварэнне новага (ён будзе самым сучасным з наяўных) стадыёна, распрацоўваем праектна-каштарысную дакументацыю на будаўніцтва басейна. Каманды кале­джа з’яўляюцца пастаяннымі прызёрамі раённых, гарадскіх, абласных і рэспубліканскіх творчых конкурсаў, сацыяльных і валанцёрскіх праектаў, спартыўных спаборніцтваў. Нашы зборныя па валейболе і баскетболе — чэмпіёны Рэспублікі Бе­ларусь сярод устаноў ССА, каманда па мнагаборстве — пераможца абласных спаборніцтваў па выкананні нарматываў ДФАК і “Абаронца Айчыны”, мы чэмпіёны вобласці па кібер-спорце і ўладальнікі дыплома III ступені на рэспубліканскім этапе спаборніцтваў Кубка па камп’ютарным спорце сярод навучэнцаў сярэдняй ступені адукацыі Рэспублікі Беларусь. Значны ўклад у захаванне бяспекі гараджан, спыненне проціпраўных праяўленняў сярод непаўналетніх і выхаванне прававой культуры ў моладзі і насельніцтва ўнеслі члены маладзёжнага атрада аховы правапарадку “Бастыён” добраахвотнай дружыны каледжа. Нашы навучэнцы прымаюць актыўны ўдзел у будатрадаўскім руху. Важна, што дзякуючы апошнім навацыям у заканадаўстве работа па профілі навучання ў будаўнічых атрадах цяпер можа залічвацца як вытворчая практыка. У мінулым годзе будаўнічыя, сэр­вісныя і сельскагаспадарчыя атрады каледжа працавалі на абласной маладзёжнай будоўлі ў Сянно, будаўнічых аб’ектах Віцебска, Ханты-Мансійскай аўтаномнай акругі і Краснадарскага краю Расійскай Федэрацыі; па выніках трэцяга працоўнага семестра — 2019 штаб працоўных спраў пярвічнай арганізацыі БРСМ і камандзір замежнага атрада “Ярмак” прызнаны лепшымі ў Рэспубліцы Беларусь. У нас ёсць вялікія магчымасці і прадуманая стратэгія іх рэалізацыі. Інтарэсы навучэнцаў і работнікаў нацэлены на тое, каб разам рухацца далей, таму што стабільнасць вынікаў дзейнасці ўстановы адукацыі, сістэмнае паступальнае іх паляпшэнне на ўсіх узроўнях — толькі ў няспынным развіцці.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота прадастаўлена Віцебскім дзяржаўным тэхнічным каледжам.

https://nastgaz.by/stabilnasts-vynikau-u-nyaspynnym-razvitstsi/
Рейтинг
( Пока оценок нет )
Витебский областной центр развития профессионального образования
Добавить комментарий

Перейти к содержимому