Прыцягненне Гарадка

Новости

Гарадоцкі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж з тых лідараў, што сёння задаюць тэмп прафесійнай адукацыі Віцебшчыны. Моцны калектыў выкладчыкаў і майстроў вытворчага навучання (многія — выпускнікі каледжа), грунтоўная матэрыяльная база, высокатэхналагічныя лабараторыі і рэсурсны цэнтр, перспектыўныя і прывабныя для моладзі спецыяльнасці, камфортныя ўмовы для вучобы і актыўнага адпачынку, наладжаныя сувязі з вытворцамі сельгаспрадукцыі — аснова для эфектыўнай работы і далейшага прагрэсу. Установа адукацыі, якая 19 лістапада адсвяткавала 90-гадовы юбілей, дала пуцёўку ў жыццё больш як 25 тысячам спецыялістаў сельскагаспадарчай галіны. Зараз колькасць навучэнцаў перавышае 700 чалавек, з іх 226 паступілі сёлета. Галоўная задача нязменная: аграрнаму сектару патрэбны якасныя кадры.

Старшакурснікі нядаўна вярнуліся з практыкі. Зарплатамі задаволены: па 3—4 тысячы рублёў зарабілі.

— Сучасная сельская гаспадарка — зусім іншыя ўмовы, тэхніка і тэхналогіі, чым былі яшчэ некалькі гадоў назад, — адзначае дырэктар каледжа Уладзімір Шыцько. — Адпаведна неабходна мяняць падыходы ў прафесійнай падрыхтоўцы. Прымаючы дырэктарства, я меў пэўны вопыт стварэння інавацыйнай установы адукацыі і перад выкладчыкамі, майстрамі вытворчага навучання паставіў мэту: па рэйтынгу, значнасці на адукацыйнай прасторы калі не пераў­зысці, то для пачатку як мінімум наблізіцца да ўзроўню Лужаснянскай гімназіі, а мы ў свой час былі на роўных з Ліцэем БДУ. Не ўсе адразу паверылі, што такое магчыма ў каледжы сельскагаспадарчага профілю. Але прайшоў невялікі час — скепсісу паменшала, з’явілася надзея і расце ўпэўненасць.

Першае, без чаго, па словах дырэктара, не варта было і пачынаць, — удалося аб’яднаць агульнай мэтай педкалектыў, стварыць нацэленую на работу каманду прафесіяналаў. Паступова выбудоўвалася стратэгія развіцця. Не сакрэт, што ў нейкі момант у прафадукацыі стала больш тэорыі, чым практыкі, узнік адрыў ад рэальнасці. Уладзімір Шыцько прыводзіць яскравы прыклад: калі ён толькі прыйшоў працаваць у каледж, спатрэбілася адрамантаваць трактарны рухавік. Звярнуліся ў Віцебск — кошт работ 22 тысячы рублёў на сённяшнія грошы, у Мінск — 25 тысяч. Запытаўся: “Ёсць у нас вопытныя інжынеры-механікі, мы вучым, як рамантаваць, навошта кагосьці прасіць, самі не можам?!” Не без сумненняў узяліся — і справіліся, прычым той рамонт абышоўся прыкладна ў 3 тысячы. Што, у сваю чаргу, падштурхнула кіраўніка да новай ідэі: чаму б не пайсці далей, прапанаваць падобную дапамогу аграрыям? Задуманае паслядоўна здзяйсняецца, у тым ліку праз работу рэсурснага цэнтра “Дыягнаставанне трактароў”.

У рэсурсным цэнтры займаецца група з Пастаўскага дзяржаўнага каледжа.

Уладзімір Уладзіміравіч Шыцько — заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь, выпускнік Віцебскага педагагічнага інстытута імя С.М.Кірава (цяпер ВДУ імя П.М.Машэрава). З 1987 года — дырэктар Лужаснянскай школы-інтэрната Віцебскага раёна, ініцыятар стварэння і дырэктар Лужаснянскай школы-інтэрната, затым гімназіі для здольных і таленавітых дзяцей Віцебскай вобласці. Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання. З 2017 года — дырэктар Гарадоцкага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа.

— У нашай структуры некалькі сучасных лабараторый і клас тэарэтычнага навучання, — праводзіць экскурсію загадчык рэсурснага цэнтра Аляксандр Смірноў. — Вучэбныя праграмы распрацоўваюць выкладчыкі каледжа. Дзякуючы вялікай дзяржаўнай падтрымцы, партнёрскім сувязям з прадпрыемствамі-вытворцамі, асабістым ініцыятывам дырэктара, па абсталяванасці мы сярод лепшых у краіне. Лабараторыю з двума новымі трактарамі плюс яшчэ адным энерганасычаным у разабраным выглядзе для вывучэння ўнутраных частак і механізмаў абсталяваў Мінскі трактарны завод. Па ўзгадненні з Міністэрствам прамысловасці вядучыя машынабудаўнічыя прадпрыемствы краіны дасылаюць нам на часовае захоўванне ўзоры сучаснай тэхнікі. Уладзімір Уладзіміравіч прапанаваў просты і эфектыўны варыянт: сыходзіць з канвеера новая мадэль — яе накіруюць да нас, мы ж вернем прадпрыемству папярэднюю. Такім чынам без вялікіх фінансавых укладанняў істотна павысілі якасць падрыхтоўкі спецыялістаў. Абнаўленне ідзе пастаянна. Восенню на абласных “Дажынках” нам урачыста ўручылі сертыфікат на атрыманне новага энерганасычанага трактара. Літаральна нядаўна набылі новы дыягнастычны стэнд, што дазваляе выявіць няспраўнасці электрычных фарсунак на сучасных трактарах. У найбліжэй­шы час, дзякуючы Міністэрству адукацыі, атрымаем 4 мультыборды — чакаем.

Цэнтр забяспечвае выніковае сеткавае ўзаемадзеянне, па графіку падрыхтоўка арганізавана для навучэнцаў усіх профільных устаноў прафадукацыі вобласці. Толькі ў мінулым годзе заняткі праведзены для 14 такіх груп, і цяпер поўным ходам ідзе работа. Знаёмлюся з кіраўніком выпускной групы з Пастаўскага дзяржаўнага каледжа. Юрый Краўчанка дыплом майстра вытворчага навучання атрымаў у Гарадку. Сюды ж на ступень ССА збіраюцца летам паступаць пяцёра яго навучэнцаў.

— Гэта звычайная практыка, — каменціруе загадчык рэсурснага цэнтра. — У мінулым годзе са ступені ПТА да нас так цэлую групу набралі — каля 30 абітурыентаў. Актыўна ў­заемадзейнічаем па прафарыентацыі са школамі, у рамках шостага школьнага дня праводзім майстар-класы і прафесійныя пробы ва ўмовах, набліжаных да рэальных. Цікавасць у моладзі заўсёды выклікаюць сучасныя сімулятары сельскагаспадарчай тэхнікі, у прыватнасці збожжаўборачнага камбайна, дзе замест лабавога шкла спецыяльны манітор, за якім навучэнец вучыцца ваджэнню. Што тычыцца навыкаў па аўтарамонце, магчымасцей бясплатна атрымаць вадзіцельскае пасведчанне — тут амаль усе, асабліва хлопцы, задумваюцца: можа, скарыстацца?

У найбліжэйшых планах рэсурснага цэнтра — укараненне элементаў дыстанцыйнага навучання і адкрыццё станцыі тэхнічнага абслугоўвання спачатку энерганасычаных трактароў, а ў перспектыве — камбайнаў, грузавой тэхнікі, іншых агрэгатаў. З Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміяй абмяркоўваецца стварэнне новай лабараторыі. СТА легкавых аўтамабіляў у каледжы паспяхова дзейнічае: кошт абслугоўвання дэмакратычны, якасць на строгім кантролі, навучэнцы асвойваюць тэарэтычныя веды на практыцы, назапашваюць прафесійны вопыт і нават атрымліваюць пэўны заробак — задаволены ўсе. Навучыць будучага рабочага, спецыяліста працаваць на энерганасычанай тэхніцы — безумоўна, імператыў. Аднак не менш каштоўнае і ўменне яе дыягнаставаць, абслугоўваць, выпраўляць дробныя паломкі, каб не даводзілася штораз спыняць работу і выклікаць спецыяліста з сэрвіснага цэнтра, бо недзе лямпачка ня­звыкла замігцела. Рыхтуючы адкрыццё новай СТА, каледж плануе наладзіць канкрэтную дапамогу сялу і разлічвае на станоўчы эканамічны і адукацыйны эфект.

Міністэрства адукацыі падтрымала ініцыятыву Гарадоцкага дзяржаўнага аргарна-тэхнічнага каледжа: замест абароны дыпломных праектаў выпускнікі здаюць дзяржаўныя экзамены, больш гадзін вучэбнага плана задзейнічана на пераддыпломную практыку.

— Мы сапраўды адмовіліся ад дыпломных праектаў, — расказвае Уладзімір Шыцько. — Карыстаючыся нагодай, хачу выказаць удзячнасць за падтрымку нашаму галоўнаму ўпраўленню па адукацыі, галіноваму міністэрству і асабіста першаму намесніку міністра адукацыі Ірыне Старавойтавай. Замена поўнасцю сябе апраўдвае. На падрыхтоўку да дзяржаўных экзаменаў адводзіцца 2 тыдні. Раней да абароны дыпломных праектаў рыхтаваліся па 3 месяцы, прычым звычайна яны не мелі рэальнай навізны, часам і аўтарства выклікала сумненні — мы гэта спынілі. А першараднае, у чым выйгралі, — вырашылі пастаўленую губернатарам Мікалаем Шарснёвым задачу: знайшлі дадатковыя 2,5 месяца на практыку і павялічылі яе ў выпускных групах амаль да паўгода.

Навучэнцы праходзяць практыку ў гаспадарках па бесперапынным цыкле ў перыяд уборачнай і пасяўной кампаній. Моладзі — неацэнны вопыт, аграрнаму сектару — сур’ёзная падтрымка, таму што кадраў не хапае. Акрэсленая старшынёй аблвыканкама умова — арганізацыя практык на перадавых сельгаспрадпрыемствах з абавязковай аплатай працы — таксама выконваецца. За мінулы ўборачны сезон некаторыя хлопцы атрымалі па некалькі тысяч рублёў. Нягле­дзячы на больш высокія патрабаванні, стаўленне практыкантаў да сельскай гаспадаркі мяняецца грунтоўна, бо пераконваюцца: і на вёсцы можна зарабіць, калі працаваць. Наймальнікі тым часам прыглядаюць для сябе перспектыўныя кадры — нярэдка выпускнік яшчэ да заканчэння каледжа мае запрашэнне на работу і ў выпадку згоды — зарэзерваванае працоўнае месца. Частка навучэнцаў па трохбаковых дагаворах атрымлівае дадатковую персанальную надбаўку да стыпендыі (да 3 базавых велічынь) ад прадпрыемства, дзе іх чакаюць на работу, прычым гарантуюць прывабную зарплату і забяспечанасць жыллём. Пры жаданні выпускнікі могуць працягваць падрыхтоўку па профільнай спецыяльнасці ў шэрагу айчынных УВА са скарочаным тэрмінам навучання.

— У вольны час моладзь аддае перавагу актыўнаму адпачынку, — разгортвае наступную старонку жыцця каледжа намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Валянціна Палянічка. — Мы маем выдатную спартыўную базу і прапануем 10 секцый па розных відах спорту на выбар. Моладзь чакае клуб выхаднога дня; можна заняцца рэжысурай ці танцамі, навучыцца ў мотагуртку ваджэнню матацыкла (каб потым здаць экзамен і атрымаць пасведчанне), запісацца ў вакальную групу ці вакальна-інструментальны ансамбль, наведаць кіберклуб ці прэс-цэнтр, паспрабаваць сябе ў вынаходніцтве, творчасці, даследчай дзейнасці — усяго дзейнічае 14 аб’яднанняў па інтарэсах. Добрая наша традыцыя — валанцёрства. Супрацоўнічаем з Беларускім таварыствам інвалідаў па зроку ў напрамку павышэння камп’ютарнай дасведчанасці, дапамагаем выкладчыкам — ветэранам педагагічнай працы, дзецям-інвалідам і дзецям, якія засталіся без апекі бацькоў. У нас 5 інтэрнатаў; кожнаму навучэнцу, хто мае ў тым патрэбу, прадастаўляецца камфортнае і ўтульнае месца для пражывання. Умовы сучасныя: пральныя машыны-аўтаматы, трэнажорныя залы і тэнісныя сталы, пакоі для самападрыхтоўкі і адпачынку, доступ да Wi-Fi і спрыяльны мікраклімат.

У каледжа вялікая вучэбная гаспадарка амаль на 800 гектарах: даглядаюць пчальнік, заклалі яблыневыя сады на 500 і асобна на 75 — у гонар вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў — дрэў, вырошчваюць збожжавыя, грэчку і агародніну — гэта зноў практыка і разам з тым важкі дадатак да меню ў сталовай. Свежыя хлеб, булачкі выпякаюць свае. Навучэнцы ўзроўню ПТА штодня атрымліваюць трохразовае бясплатнае харчаванне, а хто вучыцца на ўзроўні ССА — даплачваюць за яго сімвалічныя сумы.

Каледж — маладзёжнае сэрца райцэнтра. Амаль усе вытворчыя калектывы, многія арганізацыі горада ўзначальваюць яго выпускнікі. Практычна ва ўсіх вялікіх святочных, культурна-масавых мерапрыемствах задзейнічаны навучэнцы. Са школамі цесны кантакт — дарэчы, неўзабаве на базе ГДАТК збіраюцца адкрыць раённы цэнтр па дапрызыўнай падрыхтоўцы. Трэба нямала пастарацца, каб адшукаць у Гарадку сям’ю, лёс якой з каледжам зусім не звязаны. Ён заў­сёды навідавоку, таму і да парадку патрабаванні асаблівыя. Тэрыторыя дагледжана ў любую пару года. Кветкавым дызайнам, добра­ўпарадкаваннем, стварэннем малых архітэктурных форм навучэнцы і педагогі займаюцца разам: у афармленні ўдала спалучаюцца стрыманая класіка і маладзёжны стрыт-арт. Навучэнцы масава ўдзельнічаюц­ь і нярэдка перамагаюць у спартыўных, прафесійных і творчых конкурсах рознага ўзроўню; характэрна, што за перамогі і асабістыя дасягненні прадугледжана матэрыяльнае заахвочванне — надбаўкі да стыпендыі. Ёсць і адметныя ўнутрыкаледжавыя мерапрыемствы, у моладзі яны ці не больш рэйтынгавыя. Многа тут, напрыклад, аматараў лазартага: выезды на спаборніцтвы — традыцыя. Увесну вызначаюць лепшага рыбака: выбіраюць месца, чысцяць возера, наводзяць парадак на беразе, прыкормліваюць рыбу. І, нарэшце, заезд і размяшчэнне каманд, спаборніцтва, узнагароджванне пераможцаў, згатаваная на вогнішчы смачная юшка з улову — уражанні незабыўныя!

— У нас найважнейшы прыярытэт — навучэнец, — падкрэслівае дырэктар. — Заўсёды кажу выкладчыкам і майстрам: не навучэнцы для нас, а мы для іх. Многія навучэнцы — з няпоўных сем’яў, без апекі бацькоў. Кожнаму дзіцяці патрэбна наша падтрымка, для таго і педагог: інакш куды яму прытуліцца, навошта тады псіхалогію вывучаем? Катэгарычна нельга даводзіць дзіця да крайнасцей, калі ў яго праблемы — трэба адчуць гэта, дапамагчы. Усе навучэнцы паўнавартасна ўдзельнічаюць у жыцці каледжа: сур’ёзная школа, дзе фарміруецца асоба. Наша задача — даць ім магчымасць развіць свае здольнасці, навучыцца працаваць у калектыве, адчуць сябе паспяховымі людзьмі, упэўненымі прафесіяналамі. Мы даём добрыя прафесіі. Акрамя асноўнай спецыяльнасці, у выпускнікоў як мінімум па 3 рабочыя кваліфікацыі — можна і больш. Яны не баяцца ісці на вытворчасць, таму што ведаюць: добры спецыяліст без справы не застанецца, і рабочыя кадры патрэбны ўсім. Калі збіраюцца вучыцца далей — гэта ўсвядомленае, узважанае рашэнне. Каледж закладвае моцную аснову. Астатняму жыццё навучыц­ь — нашы дзеці да яго гатовы.

Рейтинг
( Пока оценок нет )
Витебский областной центр развития профессионального образования
Добавить комментарий

Перейти к содержимому