У суботу Чашнікі прымуць абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2025». Напярэдадні ў Віцебску прайшла выстава-продаж прадукцыі ўстаноў адукацыі рэгіёна «Восеньскі карагод». Традыцыйна падчас яе падводзяцца вынікі сельскагаспадарчага сезона ва ўстановах прафадукацыі. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».

Сёлета прыгожая ўрачыстая цырымонія пачалася з прыемнага сюрпрызу: старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін уручыў грашовыя сертыфікаты на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы каледжам, якія больш за ўсіх намалацілі збожжа на сваіх палетках. У лідарах уборачнай кампаніі — Коханаўскі дзяржаўны каледж, Аршанскі дзяржаўны аграрны каледж, Ульскі дзяржаўны каледж імя Л.М. Даватара.
Як паведаміў начальнік аддзела прафесійнай адукацыі галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Каралёў, у вучэбных гаспадарках каледжаў вобласці сабрана 8555,8 т збожжа і 196 т рапсу.
— Варта адзначыць, што майстры вытворчага навучання працуюць у вучэбнай гаспадарцы і займаюцца прафесійнай падрыхтоўкай навучэнцаў, якія набываюць практычныя навыкі работы на збожжаўборачнай і іншай сельскагаспадарчай тэхніцы, — падкрэсліў А. Каралёў. — Работнікі каледжаў нярэдка працавалі ад відна да цямна, не зважаючы на час. У выхадныя дні таксама, бо неабходна было выкарыстоўваць кожную прыдатную хвіліну, каб не страціць ні зярнятка з-за дажджоў. Зразумела, выключна ўборкай збожжа справа не абмяжоўваецца: трэба ж яго перавезці, сабраць ураджай агародніны плюс розныя сезонныя сельскагаспадарчыя клопаты і дапамога калегам-земляробам. Усе добра пастараліся.

У рамках выставы-продажу адбылося ўрачыстае ўшанаванне самых руплівых і адказных за дасягнутыя вынікі. Заслужаныя ўзнагароды ім уручыў кіраўнік сістэмы адукацыі вобласці Дзмітрый Хома.
Дасягненні насамрэч значныя. Напрыклад, майстар вытворчага навучання Дубровенскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа Уладзімір Чачуеў намалаціў 498 т збожжа ў вучгасе і яшчэ 162 т, дапамагаючы ААТ «Якубава-Агра» і сельскагаспадарчаму філіялу імя Ю. Смірнова Аршанскага камбіната хлебапрадуктаў. Намалот у майстроў вытворчага навучання Ульскага дзяржаўнага каледжа імя Л.М. Даватара Андрэя Цімошчанкі і Дзмітрыя Маціеўскага на палетках вучэбнай гаспадаркі склаў 613 і 632 т адпаведна. А ў старшага майстра Коханаўскага дзяржаўнага каледжа Сяргея Кухарэнкі — 850 т. Майстар вытворчага навучання гэтай установы адукацыі Міхаіл Лепяшынскі перавёз 400 т зерня на МАЗ-457043. Яго калега з Відзаўскага дзяржаўнага каледжа Алег Нікіцін займаўся падрыхтоўкай глебы, пасевам азімых і яравых культур: усяго работа выканана на 522 га.

Разам з названымі працаўнікамі ганаровымі граматамі галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама ўзнагароджаны майстры вытворчага навучання Алег Баган (Відзаўскі дзяржаўны каледж), Дзмітрый Васількоў (Віцебскі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж), Арцём Заяц (Глыбоцкі дзяржаўны каледж), Юрый Сямёнаў (Гарадоцкі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж), Дзмітрый Кірэеў і Леанід Юркоў (Аршанскі дзяржаўны аграрны каледж), Васіль Чумак (Полацкі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж) і Дзяніс Авізіч (Пастаўскі дзяржаўны каледж).
Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара




